Клімавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Пехцерава запрашае на літаратурную экспазіцыю “Беларускай паэзіі волаты”

2022-гі — знамянальны год для беларусаў. Сёлета адзначаецца 140 год з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

— Мы ўсе павінны памятаць пра мінулае і аддаваць даніну тым беларусам, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё краіны, — падкрэслівае дырэктар Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі, старшыня раённай арганізацыі таварыства “Веды” Таццяна Даменікан. — Цяжка ўявіць сабе нацыянальную літаратуру без Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны найбольш яскрава раскрылі наш характар, менталітэт, духоўныя каштоўнасці і пачуцці беларусаў. Сёння памяць пра песняроў захоўваюць музеі, бібліятэкі. У іх гонар названы вуліцы, плошчы, тэатры і інстытуты.

Творчасць класікаў — адна з найярчэйшых старонак у гісторыі беларускай мовы і літаратуры. Народныя песняры стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнай літаратуры, узнялі яе да ўзроўню сталага мастацтва, і ў гэтым іх вялікая гістарычная заслуга.

Да юбілею народных паэтаў цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Пехцерава падрыхтавала літаратурную экспазіцыю “Беларускай паэзіі волаты”. На выставе прадстаўлена шматгранная спадчына знакамітых мастакоў слова: зборы твораў, перыядычныя выданні, зборнікі матэрыялаў, выданні класікаў, у тым ліку прыжыццёвыя, мастацкія творы, прысвечаныя жыццю і дзейнасці пісьменнікаў.

Пазнаёміцца з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа можна не толькі на беларускай і рускай мовах, але і на польскай, балгарскай, англійскай і французскай. Вобразы знакамітых беларусаў знайшлі значнае ўвасабленне ў мастацтве, а іх творы сталі крыніцай натхнення для многіх рэжысёраў, кампазітараў, жывапісцаў і графікаў. 

— Запрашаем усіх жадаючых дакрануцца да старонак жыцця і творчасці песняроў зямлі беларускай, — завяршае гаворку Таццяна Пятроўна. — Наведаць выставу можна ў любы дзень, акрамя панядзелка, з 9.00 да 18.00. Кантактны тэлефон 3-74-62.