
Сёння, 26 лістапада, адзначаецца 95 гадоў з дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка, паэта, публіцыста Уладзіміра Караткевіча.
Уладзімір Сямёнавіч нарадзіўся ў Оршы ў 1930 годзе ў сям’і інтэлігентаў. Навучыўся чытаць вельмі рана — у тры з паловай гады. Да Вялікай Айчыннай вайны паспеў скончыць толькі тры класы. Вайна застала яго ў Маскве, куды ў час канікул паехаў да сястры, якая там вучылася. Пасля трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць, на Урал у Молатаўскую (зараз — Пермскую) вобласць.
Далей працягнуў вучобу пасля вяртання з эвакуацыі. Скончыўшы школу, паступіў у Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі, у якім скончыў пасля і аспірантуру.
Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1954 — 1956 гадах, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лісавычы ў Кіеўскай вобласці. Потым настаўнічаў у Оршы.
Працягваючы сваю адукацыю, вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958 — 1960), сцэнарных курсах (1962), у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава).
Яшчэ ў дашкольным узросце пачаў пісаць вершы. Творчую дзейнасць працягнуў у час вучобы ў школе, ва ўніверсітэце.
З-пад пяра майстра выходзілі вершы, празаічныя творы, публіцыстыка. Яго лічаць раданачальнікам беларускай гістарычнай літаратуры. Шырока вядомы творы аўтара —аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гродне”, “Чорны замак Альшанскі”.
Памёр Уладзімір Караткевіч 25 ліпеня 1984 года. Пахаваны ў Мінску.
У Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Пехцерава арганізавана выстава твораў Уладзіміра Караткевіча, прымеркаваная да юбілею беларускага класіка. Яна карыстаецца папулярнасцю ў наведвальнікаў установы культуры.











