
Мілагучная, чароўная, родная — мова наша, беларуская. У межах праекта «Кожную пятніцу — роднае, сваё» 24 красавіка ў Раднянскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна адбылося мерапрыемства «Мелодыя роднага слова».
Гэтым днём у актавай зале панавала беларуская мова: гучалі беларускія народныя і сучасныя песні, вучні чыталі вершы беларускіх паэтаў і школьных настаўнікаў.
«Краіна мая, Беларусь, твая доля
Для кожнага з нас — гэта гонар і моц.
Аб чым ціха шэпча ля хаты таполя?
Адданы зямлі будзь, дзе ў шчасці ты рос!
Краіна мая, абяцаем: мы здолем
Прайсці шлях жыццёвы, як прыклад для ўсіх.
Не будеш ты чуць гук гарматаў над полем,
Не ўбачыш ты следаў забойцаў чужых».
Гэта радкі з верша настаўніцы Алены Падгурскай.
А вось гэта радкі з верша настаўніцы Вольгі Шавялёвай:
«Гэй, чалавеча, ці ведаеш ты сцежку тую,
Па якой ідзеш сёння дамоў?
…Ты пацікаўся родным краем,
Дзе ты жывеш, што свята тут,
Дзе сцежка гэта пралягае,
Што прывядзе ў твой родны кут.
Дзе бацька, маці, дзе сям’я,
Усё гэта — Клімаўшчына наша,
Дзе ёсць усе — і ты, і я».
І гэта яшчэ не ўсё. Хлопцы з дзяўчатамі танцавалі народныя танцы і гулялі ў народныя гульні, спаборнічалі ў веданні беларускіх прыказак і прымавак.
Пятніца стала не толькі днём беларускай мовы, але і днём беларускай культуры. Мерапрыемства паказала, якія яны ў нас багатыя, разнастайныя і прыгожыя — і мова, і культура!
А яшчэ па тым, з якім захапленнем удзельнічалі ў свяце і вучні, і настаўнікі, можна было вызначыць, што беларуская мова для іх сапраўды родная, свая.













