«Кожная пятніца — роднае, сваё»: бібліятэкі Клімавіцкага раёна аб’ядналі дзяцей вакол беларускай кнігі

У межах рэспубліканскага праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» у бібліятэках Клімавіцкага раёна прайшлі пазнавальныя мерапрыемствы для юных чытачоў. Галоўнай мэтай акцыі стала далучэнне падрастаючага пакалення да багацейшай культурнай спадчыны Беларусі праз кнігу і жывыя зносіны.

Так, у Макеевіцкай бібліятэцы адбылася гульня-падарожжа пад назвай «Казка добраму навучыць». Для хлопчыкаў і дзяўчынак арганізавалі чытанне і абмеркаванне беларускіх народных казак «Легкі хлеб» і «Не сілай, а розумам». Разам з бібліятэкарам дзеці разважалі пра вечныя каштоўнасці: што такое розум і глупства, дзе праходзіць мяжа паміж дабром і злом і чаму ў казках заўсёды перамагае праўда і справядлівасць.

Юныя чытачы з вялікім энтузіязмам прынімалі ўдзел у конкурсах. Асаблівую цікавасць выклікалі заданні «Даведайся казку па пачатку» і «Да якой казкі падыходзіць прымаўка». Пасля актыўнай часткі гульні дзеці з задавальненнем выбіралі маляўнічыя выданні з выставы «Казка – розуму подказка».

«Беларускія казкі – гэта не проста цікавыя гісторыі, а ключ да нашай вуснай фальклорнай спадчыны. Яны дапамагаюць пазнаёміцца з багатай культурай роднай краіны. А калі чытаць на роднай мове, то яшчэ раз пераканаешся, якая яна ў нас мілагучная і прыгожая», – падкрэсліла бібліятэкар Ганна Рубан.

У Асмолавіцкай сельскай бібліятэцы для дзяцей правялі літаратурнае знаёмства «Беларуская кніга – гэта цікава». Бібліятэкар расказала хлопчыкам і дзяўчынкам пра сучасных беларускіх аўтараў.

Асаблівая ўвага была нададзена кнігам, якія здольны зацікавіць дзіця з першых старонак: Ж. Міус «На пытанне ёсць…паданне», А. Мельнікава «Вавёрачка», А. Карлюкевіча «Шубуршун шукае чыстую ваду» і іншыя.

Праграма сустрэчы была насычанай і разнастайнай: дзеці чыталі ўрыўкі з літаратурных твораў, адгадвалі беларускія загадкі, знаёміліся з народнымі лічылкамі і прыказкамі, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, а таксама ўдзельнічалі ў гульнях.

Арганізатары адзначылі, што знаёмства з родным словам праз гульню і творчасць дапамагае не толькі пашырыць кругагляд, але і выхоўвае пачуццё гонару за сваю краіну і яе культуру. Праект «Кожная пятніца — роднае, сваё» працягвае сваю працу ў бібліятэках раёна, адкрываючы дзверы ў свет беларускай літаратуры для кожнага дзіцяці.«Кожная пятніца — роднае, сваё»: бібліятэкі Клімавіцкага раёна аб’ядналі дзяцей вакол беларускай кнігі

Фота Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі

Нет постов для отображения