«Гарбузы самі не растуць»: як Аляксандр Галкоўскі з Судзілаў вырошчвае незвычайны ўраджай

Жыхар вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна Аляксандр Галкоўскі — дбайны гаспадар, і краязнаўца, і майстар на ўсе рукі. Ен трымае вялікую гаспадарку, апрацоўвае ладны кавалак зямлі.

Сёлета і бульба, і збожжа ўрадзілі, і агародніна, і корму для жывёлы ўдосталь. А ўраджай гарбузоў — вельмі добры.

— Хопіць усім, — задаволена адзначыў мой субяседнік. — Гарбузы самі не растуць. Ім патрэбна свабоднае месца, сонца, клопат і… павага. Калі пагаворыш з гарбузамі ласкава, пральеш пот — тады і вырастуць такія, што ў адны рукі не паднімеш. Сеем іх пад плуг, як і бульбу. Потым нямала з імі трэба павазіцца, каб дагледзець як след. Своечасова некалькі разоў прапалоць ад пустазелля. Убіраць ураджай прыязджаюць дзеці. Звозім гарбузы ў кучы. Сёлета склалі восем буртоў. Абклалі іх саломай, каб не памерзлі. У кожнай кучы — каля трактарнага прычэпа. Сарты гарбузоў вырошчваем розныя. Раней у нас раслі гарбузы толькі зялёнага колеру. Потым я прывёз насенне жоўтых з малой радзімы жонкі, з Капыльскага раёна. Цяпер з’явіўся свой уласны сорт – жоўта-зялёны, — тлумачыць Аляксандр Мікалаевіч.

Увечары ў хаце Галкоўскіх запахла гарбузовымі аладкамі. Аляксандр дастаў слоік мёду, паставіў на стол гарачы чай — і ўся сям’я доўга сядзела за гутаркай, узгадваючы, як летам даводзілася паліваць грады ў спёку.

Некалькі самых прыгожых экзэмпляраў ён пакінуў на вуліцы — хай радуюць вока, пакуль не прыйдзе сапраўдная зіма.

Нет постов для отображения