Са стагоддзя ў стагоддзе

16841Традыцыйнае рэгіянальнае свята «Бразгун» у Чэрыкаўскім раёне зноў сабрала дзясяткі паломнікаў. Чаму «Бразгун»? Найперш — гэта крыніца, якая некалі моцна «бразгацела». Гэта і абрад з аброчнай свечкай і абразом Пятра і Паўла. І традыцыйнае гулянне пасля асвячэння вады. Гэта другі дзень пасля праваслаўнага свята ў гонар святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла — 13 ліпеня.
Пра аўтэнтычны абрад на доўгі час забыліся, але мясцовыя ўлады некалькі год таму яго адрадзілі. У 2011 годзе абрад занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.                   Вось ужо не першы год каля гаючай крыніцы Бразгун, каля вёскі Норкі, праходзіць святочнае мерапрыемства ў гонар святых Пятра і Паўла.
На лясной паляне пасля асвячэння вады адбылося традыцыйнае гулянне. З раніцы свае выступленні гледачам дарылі ўдзельнікі фальклорных ансамбляў, што прыехалі з суседніх райцэнтраў. Была магчымасць паслухаць царкоўныя і духоўныя спевы, а таксама паглядзець канцэртную праграму артыстаў Чэрыкаўшчыны «Жыві, крыніца, жыві!»
Працавала выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раённага Дома рамёстваў, стылізаваны куток «Беларуская гасцёўня», выстава літаратуры «Святло праваслаўнай кнігі», выстава гісторыка-краязнаўчага музея «Сувязь часу праз рушнік».
Ладзіўся конкурс фальклорных калектываў «Са стагоддзя ў стагоддзе», які ў гэтым годзе праводзіцца ў другі раз. Членам журы прыйшліся даспадобы спевы Старадзедзінскага народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Астранка». Нашы землякі былі ўзнагароджаны Дыпломам III ступені. Дарэчы, у мінулым годзе ў іх узнагарода была вышэйшай — Дыплом I ступені.
Дар’я Эверс.