Краязнаўца Аляксандр Галкоўскі ўзнагароджаны Ганаровай граматай за ўклад у захаванне беларускай казачнай традыцыі

Краязнаўца Аляксандр Галкоўскі ўзнагароджаны Ганаровай граматай за шматгадовую дзейнасць у папулярызацыі народнага фальклору на IV Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі.

У Мінску ўжо чацвёрты раз запар праходзіў міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі. Яго арганізатарам выступіў Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Сёлета форум сабраў удзельнікаў з Беларусі, Абхазіі, Расіі, Славакіі, Кітая і Эстоніі. З 15 па 17 мая даследчыкі-фалькларысты абмяркоўвалі асаблівасці бытавання казкі ў сучасным свеце. Праграма гэтага маштабнага мерапрыемства была вельмі насычанай. Гучалі навуковыя даклады, праходзілі тэматычныя круглыя сталы, дзіцячыя конкурсы апавядальнікаў беларускіх народных казак. Былі арганізаваны выставы графічных твораў з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, кніжных выданняў з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі ім. Якуба Коласа НАН Беларусі. Вялікай увагі слухачоў заслужылі выступленні майстроў казачнага жанру. Сярод выступоўцаў быў і наш зямляк, краязнаўца Аляксандр Галкоўскі. За шматгадовую плённую дзейнасць у галіне захавання і папулярызацыі фальклорнай спадчыны, развіцця і ўмацавання традыцыйнай культуры беларусаў Аляксандр Мікалаевіч на форуме быў узнагароджаны Ганаровай граматай.

Вось што пра яго кажа загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Валодзіна: «Асабліва чаканы госць на кожным з форумаў — Аляксандр Галкоўскі з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна. У яго выкананні гучалі не толькі казкі, але і легенды, і песні. Несумненны талент спевака і апавядальніка дапаўняецца такой яркай асаблівасцю, на сёння ўжо рэдкай, як здольнасць да імправізацыі. Кожны раз перад намі знаёмыя сюжэты паўстаюць разам з арыгінальнымі дэталямі і цікавымі ўдакладненнямі. І гэтым разам Аляксандр Мікалаевіч парадаваў гледачоў унікальным сюжэтам пра змея Грёна, разгорнутым і арыгінальным варыянтам кумулятыўнай казкі пра Сіўку-Олігойду, тым больш у яе песеннай форме, і поўным падрабязнасцямі легендарным сюжэтам пра ўцёкі Святой Радзіны ў Егіпет. Выступы Аляксандра Галкоўскага — сапраўдная знаходка для даследчыкаў і радасць для слухачоў».

Аляксандр Мікалаевіч прызнаецца, што старадаўнія казкі, легенды і песні ён узяў у спадчыну ад сваіх бабуль, дзядуляў, прабабуль і прадзедаў. Яшчэ маленькім разам з імі пасвіў кароў, слухаў і як губка ўбіраў народны фальклор. Аляксандр Галкоўскі спадзяецца, што ў сучасным свеце з яго штучным інтэлектам і масай новых тэхналогій будзе знаходзіцца месца старадаўнім казкам і песням. Бо яны павучальныя і валодаюць велізарным выхаваўчым патэнцыялам. Вучаць быць добрым, знаходлівым, адважным, працавітым і не губляцца ў складаных сітуацыях. А яшчэ дапамагаюць паверыць у цуд і ў тое, што дабро заўсёды перамагае зло.

IV Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі зноў пацвердзіў, што беларускія казкі — гэта не проста гісторыі з мінулага, а важная частка культурнага кода нацыі.