
У Высакоўскай сельскай бібліятэцы ў рамках праекта “Старонкі беларускай класікі” адбылася літаратурная сустрэча, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння аднаго са знакамітых і любімых класікаў беларускай літаратуры — Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.
Бібліятэкар Алена Андрэйчыкава расказала прысутным пра жыццёвы і творчы шлях класіка, пазнаёміла з яго літаратурнай спадчынай.
Беларускі пісьменнік, паэт, драматург, сцэнарыст і публіцыст Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. Ён істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гродне”, “Чорны замак Альшанскі”, эсэ “Зямля пад белымі крыламі”.
З відэапрэзентацыі “Праўдзівы Майстра, чысты, як сляза” ўдзельнікі мерапрыемства даведаліся пра новыя і цікавыя факты з біяграфіі беларускага класіка. У час мерапрыемства пранікнёна гучалі вершы паэта.









