Клімавіцкія “Задорніцы” прынялі ўдзел у “Гусіным свяце”

Клімавіцкія “Задорніцы” прынялі ўдзел у “Гусіным свяце”. Ладзіцца  яно не для гусей. Але ж праходзіць з непасрэдным удзелам гэтых хатніх птушак.

Мерапрыемства штогод праводзіцца ў вёсцы Белая Дубрава Касцюковіцкага раёна. Чарговае прайшло 31 студзеня гэтага года.  І мела яно юбілейны статус — адбывалася ў трыццаты раз. “Гусінае свята” з’яўляецца сапраўднай культурнай візітоўкай не толькі Белай Дубравы, але і Касцюковіцкага раёна.

Удзел у мерапрыемстве прынялі і клімаўчане — з канцэртнай праграмай выступілі ўдзельніцы народнага жаночага вакальнага ансамбля “Задорніцы”.

— На гэтае свята мы паехалі па запрашэнню Касцюковіцкага аддзела культуры, — расказвае кіраўнік ансамбля Таццяна Фрузорава. — Запрашэнне прынялі з задавальненнем, тым больш, што ўзначальвае аддзел культуры наш нядаўні калега Сяргей Булянкоў, з якім мы працавалі разам не адзін год.

Сустрэлі нас суседзі вельмі цёпла. Выступленне “Задорніц” гледачы суправаджалі гарачымі апладысментамі.

Самыя лепшыя ўражанні засталіся пасля свята і ў нас. Гэта было цудоўна! Побач ішлі гумар і майстэрства, гучалі народныя і сучасныя песні.

Чаго толькі вартыя былі гусіныя забегі! Дыстанцыя — пятнаццаць метраў. Гаспадары ішлі на самыя розныя хітрыкі, каб прымусіць сваіх птушак хутчэй дасягнуць фінішу. А тыя… Хто бег напрасткі. Хто тармазіў і прыслухоўваўся да шуму балельшчыкаў, а хтосьці імкнуўся і павярнуць назад. Было вельмі весела!

Шмат чаго цікавага адбывалася на свяце. Сумаваць не даводзілася.

У марозны дзянёк можна было выпіць кубачак гарачага чаю і паласавацца стравамі з гусяціны.

Удзельнікі ансамбля ўдзячны дырэктару Клімавіцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Людміле Маславай за дапамогу ў арганізацыі паездкі.